ВІ́ЛЕНСКІ МАСТА́ЦКІ ГУРТО́К,

культурна-асветная арганізацыя, створаная з мэтай каардынацыі і прапаганды творчасці мясц. мастакоў, удасканалення іх прафесійных здольнасцей. Дзейнічаў у 1901—08 у Вільні. У праўленне ўваходзілі І.Балзукевіч, С.Кузняцоў, В.Разанаў, І.Рыбакоў, І.Трутнеў, пазней Ю.Іадкоўскі, А.Папоў і інш. Аддзелы: маст., муз., літ.-драм. і шахматны. Праводзіліся заняткі па маляванні з натуры, літ. і муз. вечарыны, аматарскія спектаклі, чыталіся даклады па мастацтве. У 1908 члены гуртка арганізавалі Віленскае мастацкае таварыства.

Літ.:

Устав Виленского художественного кружка. Вильна, 1901;

Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. СПб., 1992.

М.Л.Цыбульскі.

т. 4, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)